Google search — пошукавая сыстэма ад Google, якая займае першае месца па колькасьці карыстальнікаў у Сеціве — 84,91%. Google апрацоўвае сотні мільёнаў запытаў штодзень. Першапачаткова сыстэма была разробленая Лэры Пэйджам і Сяргеем Брынам у 1997 годзе. Акрамя, натуральна, пошуку па словах, Google падтрымлівае іншыя карысныя функцыі: сынонімы, прагнозы надвор’я, часавыя пасы, біржавыя індэксы, мапы, зьвесткі пра землятрусы, расклады паказу фільмаў і гэтак далей. Акрамя гэтага, падтрымліваецца канвэртацыя адзінак вымярэньня і грошаў, вылічэньні (3*4+sqrt(6)-pi/2), пошук па патэнтах і іншае. Вынікі пошуку выводзяцца суадносна са спэцыяльнай тэхналёгіяй «PageRank», якая зьяўляецца камэрцыйнай тайнай. Акрамя гэтага, завалоданьне інфармацыяй пра альгарытм працы PageRank можа сапсаваць вынікі ў выгаду спамэраў. Вынікі пошуку можна ўдакладніць мноствам шляхаў, напрыклад, выдаліць вынікі, у якіх сустракаецца «слова»: запыт -слова.